Байкот смерцi
Автор: Дзмiцер Мамойка
Дата публикации: 30/05/2007
Ці ведаеце вы, шаноўныя чытачы, дзе знаходіцца самае багатае месца на зямлі? Не здзіўляйцеся, але гэта могілкі. Колькі там ляжыць невыкарыстаных магчымасцяў, колькі закапана талентаў!
Я прапаную пагаварыць пра смерць і пра перамогу над гэтым старажытным ворагам чалавека. Вы, можа, шаноўныя чытачы, дзівуеце самі сабе, калі чытаеце гэтыя радкі. Ці не з'явіўся яшчэ адзін дзівак, які мусіць змарнаваць час ў бессэнсоўных высцілках знайсці элексір бессмяротнасці? Але гаворка пойдзе не пра фізічную смерць і не пра тое, як падняць нябожчыка з труны. Размова будзе нават і не пра духоўную смерць. Пра гэта, напэўна, добра ведаюць нашыя чытачы. Нагадаю толькі тое, што духоўная смерць - гэта абасобленасць ад Бога, гэта жыцце бязбожнае. А без Крыніцы жыцця, без нашага Жыццядаўцы чалавек, жывучы фізічна, не мае ў сабе самім жыцця вечнага ад Бога нашага. Беларуская мова як мага лепш кажа пра памерлага - нябожчык. А ў духоўным вымярэнні, чалавека, які не мае Бога ў сэрцы, можна назваць так сама "не Божчыкам", што раўнаважна памерламу.
Дык вось размова пойдзе пра дзеяздольную, альбо працаздольную, смерць. Што я маю на ўвазе? Справа ў тым, што, заклікаўшы нас да нашага Бацькоўскага дому, Айцец праз Госпада Хрыста збавіў нас ад смерці духоўнай і не паклікаў да духоўнай спаралізаванасці. Маўляў, раней ты цегаўся па барах, рэстаранах, цябе прыводзілі альбо прыносілі дадому без прытомнасці, раней ты быў сапраўдны выбух, як што - дык бойка. А зараз, як Бог заклікаў цябе да збаўлення, то ты вышэй згаданага не робіш, але цяпер павольна вабіш свой час на апошняй лаўке ў царкве пад час набажэнстваў. Заклік да працы на палетках Божае нівы праходзіць праз адно вуха, а выходзіць праз другое. Пастары, д'яканы, кіраўнікі моладзі слёзна лямантуюць пра дапамогу ў служэнні, а нас быццам і няма, няма ні водгука, быццам звяртаюцца да трунаў з нябожчыкмі. Як той спяваў: "Крикну - а в ответ тишина".
Скажыце, гэткага кшталту абыякавасць да жыцця і агульная млявасць ці не ёсць дзеяздольная смерць? Не, мы рухаемся, дбаем, мітусімся, што тычыцца сваёй карысці, у той час як служэнне цягнуць адны і тыя ж.
Але мы, дзеці Божыя, пакліканы да пераможнага, працаздольнага, актыўнага жыцця! Песімізм, лянота, параліч - уласцівыя і адметныя рысы гэтага свету - не павінны пранікаць у царкву Хрыста. Кажуць, я намагаўся штосьці зрабіць і ў царкве, і па-за царквой у справе дабравесця, але нічога не атрымаецца ў нашай краіне, маўляў, людзі абыякавыя да Добрае Весткі, усюды перашкоды! У такіх братоў альбо сясцёр сталі дэвізам у жыцці такія словы: "Нас ніхто ніколі не паставіць на калені, мы ляжалі і будзем ляжаць!" Альбо як той казаў: "Сколько всего не сделано, а сколько еще предстоит не сделать!"
Вельмі часта сваю ляноту і няпэўнасць мы мусім апраўдаць "духоўнымі" прычынамі: "Значыць, не дае Бог магчымасцяў, на ўсё Ягоная воля".
Але ці да такога жыцця заклікаў нас Госпад Бог? Давайце паглядзім на Хрыста.
Па-першае, Ён добра ведаў, што Яму належыць зрабіць. У Мацв. 18:11 мы чытаем: "Бо прыйшоў Сын Чалавечы вышукаць і выратаваць пагіблае".
Па-другое, Яго ніхто і нішто не змаглі прыпыніць. Тут мае сэнс узгадаць Пятра, калі ён пярэчыў Хрысту, каб Той не йшоў у Ерусалім, і ў дадатак можна было б узгадаць спакусы д'ябла ў пустыні.
Па-трэцяе, Хрыстос працаваў і дзень і ноч, дасягаючы мэты - абвяшчэння Царста Божага і выбаўлення ўсяго чалавецтва.
Шаноўныя браты і сёстры, шаноўныя чытачы, сёння перад намі паўстае пытанне: да чаго заклікае нас Госпад наш? Чаго Ён хоча, каб мы рабілі? Кожны хай адкажа на гэтае пытанне сам, бо для кожнага ёсць Божая воля. Але разам з тым мы ведаем тое, што Бог хоча, каб мы прынеслі Добрую Вестку гэтаму свету. Ён дае нам сілы гэта зрабіць. Ён дае магчымасці.
Без усялякага падхалімства я скажу, што ў нас добрая краіна і добрае кіраўніцтва. Нас не гоняць, ёсць цяжкасці, але іх можна пераадольваць. А каму зараз лёгка? Молімся, каб Бог адкрыў дзверы, каб мы звеставалі Евангелле, але трэба маліцца аб тым, каб Бог адкрыў нам вочы, каб ўбачылі адкрытыя дзверы для працы Божае. А пасля гэтага трэба дзейнічаць. Пабожныя намаганні не могуць зрушыць гор, гэта робяць бульдозеры.
Хай жа Бог наш дабраславіць нас у тым, каб нам усім, не залежна ад таго, царкоўны вы чалавек ці не, сказаць "хопіць"! Хопіць абыякавасці і ляноце, агульнай разбэшчанасці і хістанню - ўсяму таму, што можна назваць смяротнай непрацаздольнасцю. Давайце аб'явім байкот смерці. Яна не дачакаецца ад нас, каб мы апусцілі рукі і згубілі сэнс ў нашым жыцці.
Шаноўны чытач, калі ты яшчэ не прыйшоў да Бога ў пакаянні і не стаў хрысціянінам, то ведай, што гэтага толькі і чакае твой вораг - д'ябл, які мусіць цябе спаралізаваць, каб цябе, знямоглага, зацягнуць у пекла. Супрацьстань гэтаму, не падпарадкоўвайся законам смерці, аб'яві ёй байкот, бяжы хутчэй да нашага Госпада. Ён дае жыццё, сэнс і сілы жыць, перамагаючы смерць, распаўсюджваючы жыццё! //